ГЛЫБО́ЦКІ КАСЦЁЛ І КЛЯ́ШТАР КАРМЕЛІ́ТАЎ,
помнік архітэктуры ранняга барока. Размешчаны ў старым цэнтры г. Глыбокае Віцебскай вобл., на паўн. беразе воз. Вялікае. Засн. ў 1639 мсціслаўскім ваяводам Іосіфам Корсакам, які запісаў кляштару сваю частку Глыбокага, 27 фальваркаў і вёсак. Кляштар спалены ў ходзе вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67. Мураваны касцёл Ушэсця Маці Божай пабудаваны ў 2-й пал. 17 ст. прыёрам Тышкевічам, перабудаваны ў 1735 паводле праекта арх, І.Глаўбіца (зменены гал. фасад і інтэр’ер), першы ўзор віленскага барока на Беларусі. У 1727 у кляштар пераведзены з Вільні кананічны навіцыят (установа для падрыхтоўкі новых членаў ордэна). Касцёл — 3-нефавая 4-вежавая базіліка з трансептам і прамавугольнай у плане алтарнай апсідай. Гал. фасад багата аздоблены ордэрнай пластыкай (вязкамі пілястраў, раскрапоўкамі, глыбокімі нішамі і інш.) і завершаны 2 скразнымі 4-яруснымі чацверыковымі вежамі і фігурным франтонам паміж імі. Інтэр’ер аздоблены пілястрамі, антаблементам з каванай агароджай над ім, лепкай у тэхніцы стука і інш. Зберагліся разныя з пазалотай дзверы 17 ст. З ПнЗ да касцёла прылягаў трохпавярховы прамавугольны ў плане будынак кляштара з унутр. дваром (збераглося ўсх. крыло). На восі касцёла размешчана трохпралётная брама ў стылі позняга барока. Пры кляштары ў 1830 былі бясплатны конвікт для вучняў (пансіён), муз. капэла (12 інструментаў), б-ка (2621 том, 1655 гравюр, збор планаў і картаў), шпіталь, аптэка, гасп. пабудовы. У 1842 канфіскаваныя ў казну ўладанні кляштара складалі больш за 760 валок зямлі, 11 фальваркаў і 67 вёсак, каля 800 дымоў, гадавы прыбытак быў 12 785 руб. серабром. У 1862 кляштар скасаваны (манахі выехалі ў Камянец-Падольскі), яго будынкі аддадзены Палаце дзярж. маёмасці. Касцёл у 1872—78 перароблены ў царкву Раства Багародзіцы, дзейнічае.
Т.В.Габрусь, А.А.Ярашэвіч.
т. 5, с. 308
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)